У Віцебскім раёне падведзены вынікі конкурсу падвор’яў сельсаветаў

Актуально Конкурс

Конкурс прайшоў у рамках раённага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019». Яго арганізатарамі выступілі раённы Савет дэпутатаў, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы цэнтр культуры і творчасці.
IMG_7469
Галоўнай мэтай конкурсу з’яўлялася дэманстрацыя дасягненняў устаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсаветаў, актывізацыя творчай ініцыятывы насельніцтва раёна. Падобныя спаборніцтвы не толькі ствараюць умовы для рэалізацыі творчага патэнцыялу сельскіх жыхароў, але спрыяюць прыцягненню грамадскасці да актыўнага ўдзелу ў добраўпарадкаванні тэрыторый, падтрымкі грамадскіх ініцыятыў па паляпшэнню жыццёвай прасторы.
IMG_7484
Разгарнуўшыся на адной з цэнтральных вуліц аграгарадка Кіраўская, падвор’і прыцягвалі шматлікіх гасцей і ўдзельнікаў свята не толькі дарамі шчодрай віцебскай зямлі, але і творчымі прэзентацыямі, сцэнарыi якіх прадумваліся задоўга да пачатку свята. І як аказалася, багатая фантазія жыхароў нашага раёна не ведае межаў. «Гаспадыня Восень запрашае», «Ураджайная сямейка», «Бульбяны фэст», «Бабуліны прысмакі», «Сцялi на стол абрус, частуйся, беларус» … Тэматыка і назвы казалі самі за сябе.
IMG_7486
Гаспадары кожнага падвор’я імкнуліся здзівіць журы не толькі яго падачай і сваёй гасціннасцю, але і багаццем страў. Ацэньвалі ўдзельнікаў конкурсу па пяцібальнай сістэме, галоўнымі крытэрамі былі адпаведнасць афармлення падворка заяўленай тэматыцы, змястоўнасць і насычанасць, арыгінальнасць, выкарыстанне нацыянальных традыцый у афармленні.
IMG_7475
Абаранялі ж канкурсанты свае тэматычныя пляцоўкі песнямі, танцамі, жартамі і прымаўкамі. У кожнага падворка была і свая ўнікальная гісторыя, фішка. Напрыклад, гаспадыні з Заронава здзіўлялі памерамі і формамі гародніны і садавіны новага ўраджаю. «Запрашаем шчыра ў нашу хату, ураджай у нас багаты» — заваблівалі Тулаўскі і Задуброўскі сельскія Саветы.
Янавіцкі прадставіў сваю яблычную фантазію, прадстаўнікі Курынскага прапанавалі прадэгуставаць розныя стравы з бульбы, Акцябрскага — пірагі ды булкі. Фотазона, падрыхтаваная канкурсантамі з аг. Вароны, не пуставала ні хвіліны: сфатаграфавацца на фоне восеньскага пейзажу жадалі многія.
IMG_7478
Не менш арыгінальным было падвор’е Ноўкінскага сельскага Савета, куды запрашалі зазірнуць Гаспадар і Гаспадыня. Тут «расхаджвалі» буслы, вока радавалі яблычныя букеты, гірлянды з кляновага лісця, можна было выпіць жыватворнай вадзіцы з крыніцы. Сустракала гасцей каларытная Восень, якая частавала смачнымі і сакавітымі пладамі, а таксама духмянай здобай. Менавіта гэтае падвор’е па выніках конкурсу было прызнана лепшым. У тройку прызёраў увайшлі таксама Заронаўскі і Акцябрскі сельскія Саветы.

Як адзначыў в. а. старшыні Ноўкінскага сельскага Савета Дзяніс Жаваранкаў, гэтая перамога была б немагчымай без шматлікай групы падтрымкі. Педагогі і навучэнцы Ноўкінскай СШ, прадстаўнікі мясцовага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, культработнікі РДК з выдумкай падышлі да выканання ўмоў конкурсу, уклалі ў афармленне і прэзентацыю  душу і змаглі здзівіць журы.

АленаЧАПЛЕВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.