Нараўне з народзінамі вяселле ва ўсходніх славян спрадвеку ўшаноўвалася як важнейшая падзея жыццёвага кола чалавека. І нездарма ў апошнія часы краязнаўцы, работнікі культуры вывучаюць вясельны абрад нашых продкаў, напоўнены глыбокім сэнсам. А свята-конкурс «Вялікая вясельніца» на Віцебшчыне выйшла на абласны ўзровень.

На здымку: пад абразом на пачэсным покуце жаніх і тысяцкі,
злева — маці і бацька маладога.

У народзе кажуць: згуляем вяселейка — не зладзім, не адзначым, а менавіта згуляем, бо гэта ўрачыстасць, праведзеная па ўсіх канонах, падобна на сапраўдны спектакль, дзе замест рэжысёра вясельныя чыны і ў першую чаргу сват са сваццяй.

На Віцебшчыне звычайна вяселле гулялі тры дні. Спачатку паасобку хлопец і дзяўчына з раднёй — у сваіх хатах, затым жаніх прыяз-джаў да нявесты, «выкупляў» яе, гасцей садзілі за стол. Пасля маладыя накіроўваліся да дому жаніха, дзе іх у двары сустракалі бацькі. Зразумела, у кожным раёне і нават у розных вёсках адной мясцовасці абрадавыя дзеянні маглі насіць лакальны характар, аднак паўсюдна яны суправаджаліся вясельнымі песнямі.

На базе Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці напярэдадні Новага года рэканструявалі вясельны абрад, а дакладней, фрагмент адной з частак урачыстасці — зборы жаніха ў хаце бацькоў за маладой. У акружэнні сваякоў, сяброў хлопец развітваўся з халасцяцкім жыццём. Абрад запісалі па сведчаннях жыхароў населеных пунктаў раёна і ўвасобілі на сцэне ўдзельнікі фальклорнага калектыву «Жывая спадчына», кіраўніком якога з’яўляецца Марына Яско. Ролю жаніха ўдала сыграў Станіслаў Палякоў, ролю тысяцкага — Алег Чавусаў. (Тысяцкі сярод вясельных чыноў лічыўся ваяводам, начальнікам вясельнага поезда; звычайна гэта быў хросны жаніха ці яго дзядзька).

На здымку: Аляксандр Зуеў, Аксана Дрыгебка, Наталля Сакалова, Святлана Ліхавідава.

У стылізаваным інтэр’еры сялянскай хаты галоўнае месца займала печ са слупом, таму дзейства і называлася «свадебный столбовой обряд». Па гэтай версіі вяселля сват з прамовай залазіў на пячны слуп. Адзенне, абутак удзельнікаў паказу, а таксама посуд, вышытыя абрус, ручнікі, вязаныя палавічкі падкрэслівалі беларускі каларыт абраду. Замілаванасць і асаблівую шчымлівасць яму надавалі спевы народнага жаночага клуба «Залаты ўзрост» Мазалаўскага дома культуры. Цудоўны вянок з вясельных песень сплялі сама-дзейныя артысткі, а атрымала гэты нематэрыяльны скарб у спадчыну ад сваёй маці Лідзіі Дзмітрыеўны Галеевай, якая жыла ў в. Заполле, Таццяна Кастэнка. Кожную кампазіцыю Таццяна Мікіцічна каменціравала: «Свяціўся месячык, свя-ціўся» спявалі ў доме жаніха, калі хлопец збіраўся да нявесты, — распавядала яна, — «Скрыпнулі вароцікі на дварэ» — калі прыязджаў да маладой; «Паехалі сваточкі дадому, паелі конікі салому» гучала заключным акордам святкавання. Жаніха звычайна ў песнях параўновалі з сокалам, ясным месяцам, вольным ветрам, нявесту — з зоранькай, рабінкай». Мілагучнасць і іскрамётны народны гумар характэрныя для песень, якія выканала дырэктар Капцянскага дома культуры Наталля Сакалова. А падзяліліся імі з артысткай старажылы вёсак Зазыбы і Агароднікі Галіна Ратомская і Валянціна Раедава.

На здымку: фрагмент вясельнага абраду.

Музычнае суправаджэнне абраду дапамаглі ажыццявіць выкладчык Мазалаўскай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Ліхавідава, мастацкі кіраўнік Мазалаўскага СДК Аксана Дрыгебка і акампаніятар раённага цэнтра культуры і творчасці Аляксандр Зуеў.

Цікавасць гледачоў выклікала лялечная кампазіцыя-рэпліка вясельных строяў, якую выканала майстар-метадыст раённага цэнтра народных мастацкіх рамёстваў «Адраджэнне» Надзея Гутнікава па фотаздымках 1955 года з сямейнага архіва віцябчанкі Ніны Нагібавай.

Ніна СТАЛЯРЭНКА

Фота аўтара