Вынікі конкурсу «Казка — цудоўная краіна» аб’явілі ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна

Знай наших! Конкурс Молодежь Наши дети Наши люди

Здаўна казка лічылася самым распаўсюджаным і любімым жанрам дзяцей. Ніхто не ведае, дзе з’явілася першая казка. Ніхто не ведае, чаму гэтыя старажытныя паданні перажылі столькі эпох і да гэтага часу цешаць дарослых і дзяцей. Казка, поўная светлай веры ў перамогу дабра, паказвае магчымасць цуду, у ёй арганічна спалучаецца фантастычнае і рэальнае.IMG_7767

Сёння расце новае пакаленне, разам з якім мяняюцца і казкі. У старажытны фантастычны аповед уплятаюцца камп’ютэры, тэлефоны і іншыя паказчыкі прагрэсу. Але хто ж можа выдумаць лепшую, нават, самую цікавую казку, як не дзіця!

Саюз беларускіх пісьменнікаў разам з Віцебскім аддзяленнем, Беларускім тэатрам «Лялька», бясплатнымі курсамі беларускай мовы «Мова нанова — Віцебск», па ініцыятыве старшыні адзялення, празаіка, паэта, журна-ліста і мастака Анастасіі Лазебнай арганізавалі конкурс «Казка — цудоўная краіна», удзел у якім прымалі дзеці ад 7 до 14 год уключна. Аб’ём казкі, абавязкова на беларускай мове, быў рэгламентаваны: не больш за два аркушы фармата А4.

— «Дабрыня», «пяшчота», «цудоўны» — гэтыя словы ёсць амаль ва ўсіх казках, — паведаміла вядучы бясплатных курсаў беларускай мовы Таццяна Дубоўская, якая была членам журы. — Усе казкі былі цудоўнымі!

Усяго даслана на конкурс каля ста работ. Выбраць самых-самых было цяжка. Уважліва чыталі і ацэньвалі сюжэты і кампазіцыі твораў мастацкі кіраўнік тэатра «Лялька», заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Клімчук, загадчык літаратурнай часткі Беларускага тэатра «Лялька» Людміла Сіманёнак і сама Анастасія Лазебная. Па выніках конкурсу 25 чарадзейных казак апублікуюць у адным з нумароў літаратурнага альманаха «Ратуша» Віцебскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Дзве з іх напісалі дзяўчынкі з Віцебскага раёна, якія ўвайшлі ў дваццатку лепшых.

Дырэктар ДУА «Капцянская базавая школа» Кацярына Заруба і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Кліндухова актыўна падтрымалі ідэю правядзення такога конкурсу. Праца ў школе закіпела: вучні напісалі некалькі казак, але на конкурс адабралі самую лепшую — казку «Добры Сцяпан» вучаніцы шостага класа Лізаветы Сурковай. Гэта казка пра Сцяпана, які вельмі хацеў праславіцца, але ніхто да яго сур’ёзна не ставіўся і над ім толькі смяяліся. Тады хлопчык вырашыў пайсці да пана і папрасіць у яго заданне, якое ён гатовы быў выканаць з усёй адказнасцю. У героя гэтай казкі было вельмі добрае сэрца: ён і бабулю старэнькую дадому адвёў, і гарлачык чароўны сіраце пакінуў, і цёлачку панскай дачушкі выратаваў. Калі Сцяпан прыйшоў да цара, той ўжо ведаў пра ўчынкі, якімі хлопец праславіўся, і вырашыў жаніць яго на сваёй дачцэ.IMG_7780

— Казка — гэта заўсёды загадка. Гэта не проста вясёлая прыгода, але і таямнічы свет, поўны сэнсу, раскрыць які пры першым чытанні ўдаецца не заўсёды. Можа быць, таму казка застаецца з намі ўсё наша жыццё, — расказвае Алена Кліндухова. — Спадзяемся, казку Лізы прачытае не адзін вучань, і дзякуючы ёй зробіць для сябе станоўчыя высновы, якія спатрэбяцца яму ў далейшым жыцці, бо менавіта дабрыня — гэта адна з самых лепшых якасцяў чалавека.

Другой казкай-пераможцай стаў твор Паліны Латышавай з аграгарадка Ноўка. Класны кіраўнік дзяўчынкі прапанавала ўсім у класе прыняць удзел, вось Паліна з матуляй Аксанай Мікалаеўнай вырашылі паспрабаваць.

— Пісалі разам з мамай пра сваё жыццё, — каменціруе маленькая казачніца. — Нават галоўную гераіню клічуць таксама Паліна. Яна разам з сябрам аказваецца ў зачараваным свеце інтэрнэта, дзе камп’ютэр іх водзіць па доміках-сацсетках «ЎКантакце», «Інстаграм» і інш.

— Нашы героі вяртаюцца дадому, але ўжо так многа і так доўга не бавяць час у інтэрнэце, — падтрымлівае размову Аксана Мікалаеўна. — Сёння такая праблема ва ўсіх бацькоў. Вось мы вырашылі пра гэта напісаць, бо казкі заўсёды вучылі і дарослых, і дзяцей, як сябе паводзіць, высмейвалі дрэнныя ўчынкі.

На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу прысутнічалі многія сучасныя пісьменнікі, якія з задавальненнем дзяліліся вопытам і ўручалі памятныя дыпломы і падарункі ўдзельнікам.

Вікторыя ПУЗАТКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.