Дзень вышыванкі прайшоў у Віцебскім районе

Актуально В центре внимания Общество По поводу Праздник Событие Читатель хочет знать Эхо события

У скарбонцы, што дасталася нам ад прадзедаў спакон вякоў, сярод каштоўнасцей захаваўся нацыянальны арнамент. Гэта не проста ўзор, упрыгажэнне, а магічны код, што валодае моцнай энергетыкай і здаўна служыў абярэгам нашым продкам. Невыпадкова напярэдадні Дня Незалежнасці ў краіне праводзіцца Дзень вышыванкі — моладзевы праект, накіраваны на папулярызацыю народных традыцый, пашырэнне духоўнай свядомасці беларусаў і яднанне пакаленняў.

На здымку: Старшыня райвыканкама Генадзій Сабыніч са шматдзетнай сям’ёй Вараб’ёвых.
На здымку: Старшыня райвыканкама Генадзій Сабыніч са шматдзетнай сям’ёй Вараб’ёвых.

Свята раённага маштабу, якое ладзіць БРСМ, сёлета адбылося на адкрытай пляцоўцы ў паркавай зоне аграгарадка Акцябрская. З самай раніцы тут было ажыўлена. Многія прыйшлі ў адзенні ці з аксесуарамі з нацыянальным арнаментам. Цікаўных запрашаў парк рамесных тэхналогій.

У імправізаваным салоне беларускага арнаменту «Родныя ўзоры», што працаваў пад адкрытым небам, жадаючыя маглі атрымаць майстар-класы па стварэнні вырабаў з нацыя­нальным каларытам у розных тэхніках. Самая распаўсюджаная — вышыўка; традыцыйную — крыжыкам дэманстравалі настаўніца замежнай мовы Бабініцкай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Я. В. Васілеўскага Вольга Бальшакова і педагог дадатковай адукацыі гэтай установы Анастасія Вусько. Са сваімі ўзорамі алмазнай вышыўкі знаёміла ўдзельніца гуртка «Фантазія» Суражскага дома культуры Людміла Галінская. А вось настаўніца пачатковых класаў Вымнянскай дзіцячы сад-базавай школы Любоў Мачульская прапаноўвала незвычайны спосаб адлюстравання нацыянальнага арнаменту — на салёным цесце. Фігуркі з яго ў выглядзе сонейка, месячыка, сланечніка, кветачак размалёўваліся «пад вышываначку» і атрымліваліся цудоўныя сувеніры.

Майстрыхі дзяліліся цікавай інфармацыяй пра беларускі арнамент, узоры якога, пераважна геаметрычныя, сімвалізуюць моцную дзяржаву, урадлівасць зямлі, дабрабыт, а колеры — чысціню, сонца і жыццёвую моц.

На здымку: шматдзетная сям’я Пракопкіных.
На здымку: шматдзетная сям’я Пракопкіных.

Прыцягвалі ўвагу дзяўчаты ў прыгожых льняных строях з выявай храмаў Віцебшчыны — тэматычную калекцыю падрыхтавалі ўдзельніцы тэатра мод «Спадчына» Янавіцкай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам Марыны Самолінай. А блаславіла гэту калекцыю ігумення Свята-Успенскага Тадулінскага манастыра Іларыя.

На выставе народных промыслаў былі прадстаўлены ганчарныя вырабы, салома­пляценне, выцінанкі, паясы… Усё гэта багацце сведчыць пра талент прыздвінскіх майстроў, і каб ён памнажаўся, сімвал рамеснага агню і сямейнага дабрабыту вядучыя свята ўручылі старшыні Віцебскага райвыканкама Генадзію Сабынічу.

 — Сімвалічна, што гэта агульнарэспубліканская акцыя праводзіцца напярэдадні нашага галоўнага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці Беларусі, — звярнуўся да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства кіраўнік раёна. —  Вышыванка лічыцца візітоўкай беларусаў і своеасаблівым сімвалам нацыі. Праз яе мы выказваем сваю грамадзянскую пазіцыю і духоўную свядомасць, адзінства і згуртаванасць нашага народа. Акцыя накіравана на захаванне сямейных традыцый і каштоўна­сцей, што з’яўляецца важнейшым фундаментам, на якім будуецца жыццё любога чалавека і дзяржавы.

Генадзій Сабыніч адзначыў, што сёння ў раёне пражываюць 407 сем’яў, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей, 49 шматдзетных жанчын удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Маці.

На здымку: Анастасія Вусько і Вольга Бальшакова.
На здымку: Анастасія Вусько і Вольга Бальшакова.

— У нашых моцных сем’ях растуць шчаслівыя дзеці, ад старэйшага пакалення малодшаму перадаюцца духоўныя каштоўнасці і традыцыі, — падкрэсліў старшыня райвыканкама.

Ён уручыў ордэн Маці дзвюм прадстаўніцам Віцебскага раёна, удастоеным высокай узнагароды ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і ў іх асобе выказаў словы ўдзячнасці ўсім шматдзетным жанчынам за нястомную працу, цярпенне і шчырасць душы.

На малой радзіме, у в. Старое Сяло, Марына і Аляксей Вараб’ёвы стварылі сям’ю. У свае 30 год Марына выхоўвае пяцёра дзетак, старэйшаму Арцёму 9 год, малодшаму Даніку — адзін.

На здымку: Любоў Мачульская.
На здымку: Любоў Мачульская.

 Арцём захапляецца інфарматыкай, лёгкай атлетыкай. Мілана, Дзяніс і Сняжана ахвотна займаюцца лепкай і маляваннем, з задавальненнем бавяць час на дзіцячай пляцоўцы каля дома, абуладкаванай бацькам. Вечарам вялікая сям’я збіраецца за сталом і Марыне Юр’еўне прадстаўляецца добрая магчымасць праявіць свае прафесійныя навыкі, бо па спецыяльнасці яна повар-кандытар. «У аснове выхавання дзяцей павінен быць уласны прыклад бацькоў, — упэўнена маці, — і ніякія павучанні яго не заменяць».

Сям’я Пракопкіных пражывае ў аг. Акцябрская. Святлана таксама нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, таму матчыны клопаты ёй знаёмы з дзяцінства. Хаця прафесійна-тэхні­чную адукацыю яна атрымала ў вучылішчы лёгкай прамысловасці, працуе аператарам машыннага даення ў эксперыментальнай базе «Тулава». Зараз знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцяці да трохгадовага ўзросту. У гэтай жа гаспадарцы механізатарам працуе галава сям’і. Бацькам неаднаразова ўручаліся падзячныя пісьмы ўстановы адукацыі за выхаванне дзяцей. Да прыкладу, Міхаіл у 16 год мае першы дарослы разрад па лыжных гонках, займаецца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Анастасія перайшла на другі курс акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Віктар рыхтуецца стаць першакласнікам, на яго з зайздрасцю пазірае трохгадовы Аляксей. Надзейцы паўтара года. Сям’я пражывае ў доме сядзібнага тыпу. Мае жыўнасць: дзве цялушкі, казу, кур. Дзеці змалку прывучаюцца да працы, дапамагаюць бацькам.

Ва ўручаных узнагародах сціплыя сельскія жанчыны бачаць клопат дзяржавы аб сем’ях. Лічаць, што пры такой падтрымцы ёсць упэўненасць у будучым  дзяцей.

Дзень вышыванкі прадоўжылі «Кірмаш талентаў», насычаная спартыўна-забаўляльная праграма.  Шумна і весела было на пляцоўцы «Краіна дзяцінства». І паўсюдна мільгалі стужкі з беларускім арнаментам, які ўвасобіў мудры пасыл нашых продкаў да сучасных і будучых пакаленняў.

Ніна  СТАЛЯРЭНКА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.