Яўген Акуліч і Ксенія Прызба з Віцебскага раёна адзначаны дыпломам I ступені ў VII турніры нацыянальных танцаў

Актуально Конкурс Культура Молодежь

Больш за 80 танцавальных пар з розных куткоў Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны і г. Мінска сабраў VII адкрыты турнір нацыянальных танцаў у межах фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

На здымку: Ксенія Прызба і Яўген Акуліч.
На здымку: Ксенія Прызба і Яўген Акуліч.

Удзельнікі турніру пад суправаджэнне вядомага народнага ансамбля народнай музыкі «Верхнядзвінскія музыкі» выканалі каля 30 побытавых танцаў, сярод якіх «Каханачка», «Какетка», «Субота», «Ночка» і іншыя. Выступалі пары-канкурсанты ў некалькіх намінацыях па ўзроставых катэгорыях. Адна з намінацый турніру — батл, у якім удзельнічалі салісты — мужчыны і жанчыны. Першыя выконвалі «Чобаты», другія — «Сямёнаўну» і «Сербіянку».

Рашэннем журы пара з Віцебскага раёна ў складзе Яўгена Акуліча і Ксеніі Прызба адзначана дыпломам I ступені ва ўзроставай катэгорыі ад 30 да 50 год.

Разынкай турніру стала прэзентацыя навукова-папулярнага выдання «Прыздвінскія карункі: танцавальная спадчына Віцебшчыны», што выйшла ў бягучым годзе.

На здымку: Таццяна Даўлетшына.
На здымку: Таццяна Даўлетшына.

Падзівіцца творамі традыцыйнага і сучаснага мастацкага роспісу можна было на конкурсе «Фарбы нябёсаў» у «Горадзе майстроў». У ім прынялі ўдзел 25 умельцаў з гарадоў і раёнаў Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Слоні­ма Гродзенскай вобласці. Прыздвінскі край прадстаўляла загадчыца Віцебскага раённага цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» Таццяна Даўлетшына. Яна адзначана спецыяльным дыпломам журы за развіццё традыцый маляванкі.

Андрэй СТРУНЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.