У Заронаве Віцебскага раёна адзначылі другі Спас

Актуально

Здаўна Яблычны Спас быў днём, вольным ад працы, і звязваўся перш за ўсё з выспяваннем яблыкаў. Людзі адпачывалі, давалі рукам і душы роздых пасля жніва.DSC04547

У народзе Яблычны Спас яшчэ называюць «першымі асянінамі», гэта значыць сустрэчай восені. Калі буслы пачыналі рыхтавацца ў вырай за тыдзень перад Спасам, значыла, што раней надыдзе зіма і яна будзе марозная, а вясна  — цяплейшая. Прыказкі нагадвалі: «Спас — лета шась!», «Спас — бяры рукавіцы ў запас».

У гэты дзень на пляцоўцы ля народнага комплекснага музея ў Заронаве было па-сямейнаму ўтульна: за вялікім сталом сабраліся старыя і малыя, каб павіншаваць адзін аднаго з самым галоўным з трох Спасаў — Яблычным. Мастацкі кіраўнік Заронаўскага дома культуры Людміла Аляксеева запрасіла ўсіх гасцей пазнаёміцца з гісторыяй свята, разгадаць «яблычныя загадкі» і паспаборнічаць у зборы самай сакавітай і салодкай садавіны. Дзеткі з радасцю прымалі ўдзел у гульнях пад апладысменты і словы падтрымкі ад старэйшага пакалення. Краязнаўца Людміла Нікіціна падзялілася народнымі павер’ямі, звязанымі з другім Спасам.

«За шмат стагоддзяў беларусы назбіралі вялікую колькасць прыкмет і прыказак, звязаных з рознымі святамі, гэта і з’яўляецца самым вялікім скарбам нашага фальклору», — распавяла Людміла Канстанцінаўна.

На працягу святочнага мерапрыемства ўсіх частавалі пірагамі, яблычнымі дзерунамі і абаранкамі, напоем з водарам яблыкаў. Метадам шматлікіх спроб прысутныя выбралі самы кіслы і салодкі яблычак. Самы маленькі госць Вікторыя Івахненка (на здымку) адзначыла, што «вясковыя святы самыя душэўныя, нібыта ўсе людзі — адна вялікая сям’я».

Наперадзе беларусаў чакае яшчэ адно свята — Хлебны або Арэхавы Спас, гэта значыць, што да 29 жніўня ёсць час назбіраць арэхаў і спячы хлеб з мукі новага ўраджаю. А галоўнае — запасці ў сваёй душы радасць і дабрыню.

А. Гвоздзева



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.