Нездарма Віцебскі раён называюць краем герояў, цудаў і легенд

Актуально

Прыдзвінне захоўвае адну з самых вялікіх скарбніц народнага фальклору. Свае легенды і паданні маюць многія беларускія вёскі. Гэтыя дыяменты нацыянальнай культуры на працягу стагоддзяў перадаюцца з пакалення ў пакаленне і не губляюць сваёй гістарычнай каштоўнасці.

Святое возера
Святое возера

Вядомы на Віцебшчыне сваімі міфічнымі ляснымі мясцінамі Запольскі край. Грыбнікі расказваюць пра так званую Цёплую лужыну — вялікую частку дарогі праз бор з празрыстай стаялай вадой. Дзіўна, але нават зімой вада ў гэтым месцы ніколі не замярзае. Паміж вёскамі Заполле і Новааляксандраўка знаходзіцца Гладкі вугал — так тутэйшыя жыхары назвалі месца на мяжы леса і вялікага поля, дзе магутныя сосны і дубы-калдуны сваімі стваламі ствараюць жывы плот, акрэсліваючы вугал. Тут прырода стварыла сапраўдную казку для аматараў ціхага палявання: на ўваходзе ў лес рыжымі сонейкамі высоўваюцца з моху лісічкі, а пад раскідзістымі лапамі елак стаяць магутныя баравікі. Заслонай таямніцы ахутана і тая мясціна, якую ў народзе называюць Кошчын загон. Існуе паданне, што некалі тут жыла вялікая рысь, якая не давала людзям мажлівасці ўваходзіць у лес, збіраць грыбы і ягады.

Шмат легенд захоўвае і наваколле Заронава. На шляху ў вёску Бліны, справа ад шашы, знаходзіцца Святое возера. Кажуць, што калісьці тут стаяла царква, якая правалілася пад ваду. Мясцовыя жыхары сведчаць, быццам час ад часу над люстэркам вады чуецца перазвон. На ўзвышшы каля гэтага чароўнага месца ўсталяваны крыж з інфармацыйнай таблічкай, які з’яўляецца матэрыяльным доказам гэтага гістарычнага факту. Вядома, што на Беларусі існуюць 16 азёр з падобнай гісторыяй. Возера  Княжнае (Княжно)  знаходзіцца за вёскай Тапорына Заронаўскага сельсавета. Легенда сведчыць, што калісьці на высокай гары, унізе якой размешчаны вадаём, жыла злая князёўна, якая катавала і здзекавалася над сваімі слугамі, але знайшоўся смелы чалавек і скінуў яе ў ваду. З таго часу возера называецца Княжна.

Заронаўскае возера таксама мае свае паданні. Адзін яго бераг  называюць Казінчыкам. Нібыта даўным-даўно на гэтым месцы пасвіліся козы, адна з якіх зайшла далёка, каб напіцца вады, а  яе з’еў сом. Можна толькі ўяўляць, якіх неверагодных памераў была рыба, але доказ таго, што вялікія самы вадзіліся ў возеры, захоўвае музей «Гісторыя Заронаўскага краю». Недалёка ад Казінчыка знаходзіцца Напалеонаўскі ўсух — існуе паданне, што яшчэ падчас вайны 1812 года французскія салдаты насыпалі пераправу праз возера, але гэты факт не пацверджаны дакументальна.

Аляксандра  Гвоздзева



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.