На працягу 43 гадоў яна нязменна знаходзіцца ў асяроддзі дзіўнага свету часопісаў і кніг.

Зусім яшчэ юнай дзяўчынай яна прыйшла працаваць у Заронаўскую сельскую бібліятэку ў студзені 1977 года. Праз некаторы час паступіла на завочнае аддзяленне Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума, каб стаць сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. За амаль паўвека бездакорнай працы праз Вольгу Іванову прайшлі некалькі тысяч чытачоў, таму падабраць кнігу на густ кожнаму наведвальніку для яе не праблема.

У сучаснай бібліятэчнай зале на паліцах — айчынная і замежная літаратура, фантастыка, дзіцячыя творы. Дарэчы, юныя наведвальнікі прыходзяць у кніжнае царства часцей, чым дарослыя. Сакрэт у тым, што Вольга Аляксандраўна праводзіць для ўсіх жадаючых майстар-класы па пляценні кветак з пайетак. Так атрымалася, што ў яе жыцці дэкаратыўна-пракладное мастацтва і бібліятэказнаўства заўсёды ішлі поруч.

Жанчына пачала сваё рамяство з вязання кручком, калі нарадзіла першага сына. Цяпер калекцыя рознакаляровых ажурных сурвэтак вялікіх і малых памераў прадстаўлена непасрэдна ў бібліятэцы, некаторыя асобнікі знаходзяцца ў мясцовым музеі. Сёння для маленькіх унукаў яна вяжа камізэлькі і шкарпэткі. Яшчэ адно захапленне бібліятэкара — арт-аб’екты з кніг — прадстаўлены не толькі для мясцовых жыхароў, але і для раённых конкурсаў. Цікавыя вазы і вожыкі з кніжных старонак ніколі не застаюцца без увагі і кампліментаў.

Часта ў бібліятэцы збіраюцца мясцовыя майстрыцы: хтосьці вышывае карціны, шые мяккія дзіцячыя цацкі і займаецца дэкупажам. Падчас сустрэч яны дзеляцца сваімі сакрэтамі рамяства і асвойваюць новыя тэхнікі мастацтва. Так у Заронаўскай бібліятэцы з’явіліся бліскучыя букеты з пайетак, якія нават узімку радуюць вока. Вольга Іванова заўсёды рада новым наведвальнікам, тым, хто хоча пераняць яе шматгадовы вопыт вязання.

— Я вельмі люблю сваю работу. Некаторым яна можа здацца сумнай, але я адчуваю, што гэта справа ўсяго майго жыцця. Калі ставіцца да абранай прафесіі з любоўю і натхненнем, яна будзе прыносіць толькі радасць і пазітыўныя эмоцыі. І мае наведвальнікі гэта адчуваюць.

Дзень за днём кніжныя паліцы папаўняюцца новымі творамі, біблятэка — новымі чытачамі. Словы ўдзячнасці за працу запальваюць у вачах Вольгі Аляксандраўны іскрынкі натхнення.

Аляксандра Гвоздзева