Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўнілі яшчэ два элементы культурнай спадчыны Віцебшчыны

Актуально Знай наших! Культура Наши люди

У Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 17 элементаў Віцебшчыны. Зусім нядаўна на пасяджэнні рэспубліканскай навукова-метадычнай рады ў Мінску гэты статус быў нададзены яшчэ двум элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебскай вобласці.1

Адзін з іх «Традыцыйныя вобразы і тэхналогія вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падня-проўя і Віцебскага Падзвіння». Носьбітамі гэтага элемента на Віцебшчыне з’яўляюцца ўсяго 8 майстроў — з Аршанскага, Лёзненскага раёнаў, абласнога цэнтра, Бешанковіч, Дуброўна, Полацка і сярод іх вядомы майстар-метадыст цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» Віцебскага раёна Алеся Сарбаш (на здымку). Яна стварае дробную пластыку на гістарычныя і этнаграфічныя сюжэты, у прыватнасці, займаецца адраджэннем розных спосабаў вырабу свістулек. Алеся Леанідаўна зрабіла рэканструкцыю антрапаморфнай свістулькі XVII стагоддзя, зной-дзенай у час раскопак у Віцебску, паводле публікацый Міхася Ржавуцкага.

Творчасці Сарбаш адведзена цэлая старонка ў навукова-папулярным выданні «Забава. Народная цацка і лялька Віцебшчыны», што ўбачыла свет у 2019 годзе.

Алеся Леанідаўна з’яўляецца ўдзельнікам і прызёрам многіх конкурсаў. Сваё майстэрства ў кера-мічнай справе яна перадае наведвальнікам аматарскага аб’яднання «Гліняныя скарбы», што працуе на базе цэнтра рамёстваў «Адраджэнне».

Традыцыйная гліняная цацка захоўвае старажытную сімволіку, архаічныя пластычныя формы і спосабы вырабу, якія выпрацаваны агульным рамесным вопытам многіх пакаленняў. Навукоўцы сцвярджаюць, што ў вясковым асяроддзі гліняная цацка існавала ў сувязі з земляробчымі абрадамі вяснова-летняга цыклу, у мястэчках і гарадах — функцыя-навала ў якасці забавы, успрымала новыя вобразы, звязаныя з тэмай кірмашу, матывамі гуляння.

Трэба адзначыць, што прыдзвінская свістулька «конь з сядлом», які апіраецца на дзве пярэднія нагі, а тулава пераходзіць у свісток, з’яўляецца паказальнай. Яна адноўлена паводле знойдзенага артэфакта ў 2018 годзе на беразе рэчкі Вымнянка ў гарадскім пасёлку Янавічы. Як вядома з гісторыі, тут ганчарнае рамяство існавала да 1940-1950-х гадоў, калі яшчэ працавала вядомая ганчарная дынастыя майстроў Разважных. Усе вытворчыя працэсы — ад нарыхтоўкі сыравіны да абпалу посуду былі заснаваны на сямейнай працы.

У гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна гліняным народным цацкам адведзена значная роля, бо яны выступаюць сродкам захавання культурнай памяці, этнакультурнай ідэнтычнасці і сродкам выхавання дзяцей.

Андрэй СТРУНЧАНКА, магістр гістарычных навук



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.