Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч Віншуе жыхароў Віцебскага раёна са святам

Общество

Дарагія Браты і сёстры ў Хрысце, паважаныя суайчыннікі!

Фото из открытых интернет-источников.
Фото из открытых интернет-источников.

Ужо хутка адыдзе ў гісторыю чарговы год нашага жыцця. Год 2020-ы. Нам вельмі хацелася б, каб разам з ім адышлі ў гісторыю і больш не вярталіся тыя цяжкасці і праблемы, якія ён нам прынёс. Мы молім аб гэтым Бога і спадзяёмся, што нас не пакіне. Таму з вялікай надзеяй сустракаем свята Яго нараджэння — нараджэння Слова, якое «…сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1,14). Менавіта такі адказ дае Бог чалавеку, які церпіць: «…вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28,20). Я з вамі, каб вас умацаваць, каб даць вам сілу, каб разам з вамі ўзяць крыж. Узяць яго ўжо зараз тут, лежучы ў зімнай стайні, захутаным у матчыну хустку, сярод жывёлаў у іх жолабе з сенам.

І сярод цемры трываючага змроку Неба абвяшчае нам вялікую радасць! Радасць з таго, што нарадзіўся доўгачаканы Збаўца. Нарадзіўся Той, хто з’яўляецца «Дарогай, Праўдай, і Жыццём» (Ян 14,6). Хто нясе справядлівасць, любоў і прабачэнне. Той, хто пазней скажа пра сябе: «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12). Нарэшце, Той, хто прыйшоў, каб зруйнаваць «мур варожасці» (Эф 2,14), які падзяляе людзей.

Таму нябесныя хоры анёлаў заклікаюць пастушкоў, людзей простых і адкрытага сэрца, каб прыйсці і пакланіцца Добраму Пастыру людскіх душаў. Таму зорка вядзе Мудрацоў з усходу, каб сваімі дарамі вызналі веру ў  Каралеўскую моц, Святарскую веліч і Людскую годнасць Нованароджанага Валадара сусвету. Таму ўвесь свет глядзіць са здзіўленнем на незвычайныя Божыя справы.

Няхай жа і мы не застанёмся ў баку ад Падзеі, якую Бог падрыхтаваў для нас, каб распаліць нашае сэрца агнём сваёй Любові. Каб мы сталі больш адкрытыя і ўважлівыя адзін да аднаго, каб самі навучыліся любіць і цаніць тое, што маем у сваім жыцці, а перадусім само жыццё, як дар бязмежнай Божай мудрасці.

Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго! І няхай гэтае Божае Немаўля  стане для кожнага з нас крыніцай надзеі, святла і супакою. А Яго бласлаўленне спадарожнічае нам і нашай роднай Беларусі праз увесь надыходзячы 2021 год. Са святам!

Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.