Экскурсавод музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Мікіта Шыбека распавёў сямейную гісторыю

Общество

У рэспубліканскім конкурсе “Дарогамі памяці” у намінацыі “Гартаючы сямейны альбом” Мікіта Шыбека распавёў сямейную гісторыю сваіх гераічных продкаў Івановых.

Сям’я Івановых жыла ў в.Іванова Заронаўскага сельсавета Віцебскага раёна.  Бацька Сафон Кірылавіч,1897 года нараджэння,  маці Васа Аўдзееўна, 1908 года нараджэння. Выхоўвалі трох хлопчыкаў:  Леаніда, Рыгора і Сямёна, але вайна змяніла планы гэтай працавітай сям’і. Падчас акупацыі яны былі вывезены  ў Германію. Потым з канцлагера  трапілі да бауэра  Фечэла,  дзе 2 гады працавалі. Выжылі. У Васы на руцэ быў выпалены нумар.  Ніхто яго не запомніў, бо саромеліся родныя такой нумарацыі. Вярнуўшыся на радзіму, працавалі ў мясцовым калгасе,  гадавалі дзяцей, якія вучыліся ў Заронаўскай школе.  Па  8 км штодня туды і назад пераадольвалі школьнікі ў паходзе за ведамі.

Сафон памёр  у 1965 годзе, Васа загінула ва ўзросце 83 год. Няшчасны выпадак. Згарэла ў хаце свайго сына.

Памяць аб бабулі жыве ў сем’ях унукаў і праўнукаў. Успамінаюць, што была надзвычай добрай гаспадыняй. Частавала ўсіх сваіх смачнай выпечкай, якая была кожны дзень на стале. І калі ў вёсцы было вяселле ці іншыя розныя застоллі, то Васу Аўдзееўну запрашалі “гатовіць стол”.

Сёння расце ўжо пятае пакаленне Васы Аўдзееўны і Сафона Кірылавіча.  Трэба, каб яны ведалі, што перажылі іх родныя пад час вайны. Ведалі і помнілі.

З Віцебскай вобласці падчас Вялікай Айчыннай вайны было вывезена больш за 10 тысяч чалавек. Шмат сямей пацярпела ад фашысцкай няволі, пра гэта трэба помніць!

А. Гвоздзева.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.