У Мазалаўскім СДК Віцебскага раёна адбылася тэматычная вечарына, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы

Эхо события

Мерапрыемства прайшло з мэтай фарміравання каштоўных адносін да беларускай мовы, гісторыі і культуры.

Падчас вечарыны хлопчыкі і дзяўчынкі спрабавалі спяваць народныя песні, танцаваць народныя танцы, а таксама ўзгадалі святы народнага календара, беларускія народныя казкі. Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў выклікалі беларускія народныя гульні — «Заінька», «Мароз», «У млын» і іншыя. Займальнай стала і экскурсія па этна­графічнай выставе «З гарышчаў бабуль і дзядуль».

Як паведаміла культарганізатар Мазалаўскага СДК Аксана Дрыгебка, мова — нязменны сродак патрыятычнага выхавання, які далучае да духоўных скарбаў народа. Таму шэраг мерапрыемстваў, што ладзяцца ва ўстановах культуры аграгарадка, праводзяцца на беларускай мове, іх з вялікім задавальненнем наведваюць і дзеці, і дарослыя.

Да вечарыны загадчыкам мясцовай сельскай бібліятэкі Алай Магон была падрыхтавана кніжная выстава «Таямніцы родных слоў».

***

У Янавіцкай сярэдняй школе тыдзень беларускай мовы і літаратуры выдаўся насычаным. Адкрыўся ён выставай фотаздымкаў і малюнкаў на тэму прыроды «Дзівосы вакол нас», расказала класны кіраўнік 7-га класа Ірына Віна­градава. Самыя лепшыя работы былі адпраўлены на раённы конкурс «Созидая, не разрушай». Далей эстафету працягнулі вучні 9-11 класаў у літаратурным брэйн-рынгу па паэме Я. Коласа «Новая зямля». Дзеці акунуліся ў атмасферу мінулага, пазнаёміліся з традыцыямі, звычаямі і побытам беларусаў. Даведаліся, дзе нельга было будаваць сабе жыллё, успомнілі, што было на падворку і ў хаце, якія стравы стаялі на стале ў святочныя дні, нагадалі беларускія святы.

Для вучняў 2-5 класаў быў арганізаваны творчы конкурс на лепшы малюнак на тэму беларускіх народных казак. Старшакласнікі прынялі ўдзел у конкурсе на лепшую літаратурную газету, прысвечаную пісьменнікам-юбілярам.

Завяршыўся тыдзень роднай мовы конкурсам чытальнікаў вершаў беларускіх паэтаў. Самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі.

Падрыхтавала Алена НОВІКАВА

Фота прадстаўлена Мазалаўскім СДК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.