Першы званы абед праекта «Кулінарны савет матуль» прайшоў у дзіцячым доме сямейнага тыпу Пісецкіх Віцебскага раёна

Эхо события

Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе сакавік не вельмі шчодры на цеплыню, у вялікай і дружнай сям’і Пісецкіх з аг. Мазалава заўсёды сонечна і ўтульна. Тут і пачалася рэалізацыя новага праекта жаночага клуба «Надзея», які накіраваны на навучанне мам і дзетак асновам кулінарнага майстэрства. Кожны месяц гаспадыні будуць сустракацца разам, пераймаць вопыт у прафесіяналаў і дзяліцца сваімі «смачнымі» сакрэтамі.

— Пятнаццацігадовы юбілей жаночага клуба вырашана адзначыць і іншымі цікавымі і рознабаковымі мерапрыемствамі: «Мая матуля — прыгажуня», «Спазнаючы Радзіму — спазнай сябе», «Я патрыёт сваёй краіны». Для нас вельмі важна, каб бацькі і дзеці ў дзіцячых дамах разам развіваліся і вучыліся новаму, — адзначыла старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Жанна Чаркунова.

Вядучая праекта Таццяна Андруковіч прэзентавала ўдзельнікам мерапрыемства меню і запрасіла на некалькі гадзін адчуць сябе сапраўднымі шэф-паварамі. Боршч з бульбай і фасоляй, пампушкі з часнаком і зелянінай, салат «Здароўе», кулябяка з капустай і яйкам — чароўныя пахі з кухні не маглі нікога пакінуць раўнадушным. Старэйшыя дзяўчынкі з радасцю замешвалі цеста, варылі боршч, з дапамогай «настаўніц» асвойвалі кулінарныя азы.

Пакуль на кухні кіпела праца, выхавацель ДУА «Лужаснянскі яслі-сад» Анастасія Сідарэнка прапаноўвала ўсім жадаючым стварыць сваімі рукамі эксклюзіўную брошку. Дарэчы, гэта не адзінае яе захапленне — Анастасія Міхайлаўна разам з дзвюма дочкамі стварылі сямейны лялечны тэатр, за што сталі пераможцамі конкурсу сямейных талентаў, які ўжо пяты год праводзіць Мазалаўская дзіцячая школа мастацтваў. За паўгадзіны ў руках дзетак звычайныя кавалачкі матэрыялу набылі выгляд непаўторных рознакаляровых упрыгожванняў.

За вялікім дружным сталом сабраліся ўдзельнікі «Кулінарнага савета», каб падвесці вынікі насычанага дня. Кожны адзначыў, што гэты праект вельмі карысны не толькі для дзяцей, але і для іх мам. Жанчыны могуць папрасіць парады адна ў адной, параіцца і проста адпачыць душой у прыемнай кампаніі.

— Прыёмныя бацькі — гэта людзі з чулым сэрцам і добрай душой. Яны з радасцю аддаюць сваю цеплыню і любоў дзеткам, якія ў сілу розных жыццёвых абставін вымушаны выхоўвацца ў замяшчаючых сем’ях. Мы ў сваю чаргу будзем іх падтрымліваць і дапамагаць, — заключыла старшыня Віцебскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Вольга Разанава.

Саша ГВОЗДЕВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.