Раны Вялікай Айчыннай вайны яднаюць жыхароў Віцебскага раёна з прадстаўнікамі іншых краін

В центре внимания

Народы Беларусі і Расіі яднае гісторыя, на целе якой дагэтуль не могуць загаіцца раны Вялікай Айчыннай вайны.

На маўклівым мемарыяле аг. Заронава паміж высокіх бяроз пахаваны байцы з усіх рэгіёнаў былога Савецкага Саюза, якія вызвалялі гэты край. Прозвішча Імама Фарахава было адным з дзесяці тысяч такіх жа ўвекавечаных тут, на шэрых плітах, а ў гэтым годзе яго знайшлі родныя. Імам Фарахавіч нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Баюкова, што ў Татарстане. Ад­служыў тэрміновую службу артылерыстам, пасля навучаўся ў школе сяржантаў, да вайны працаваў старшынёй сельсавета. На пачатку вайны быў накіраваны ў зборны пункт, там да канца кастрычні­ка 1943 года навучаў артылерыстаў. 12 лістапада 1943 года прыбыў у 187 гвардзейскі артылерыйскі полк 83 гвардзейскай стралковай дывізіі. Прымаў удзел у Гарадоцкай аперацыі, быў паранены. Пасля шпіталя вярнуўся на фронт, вёў контрбатарэйную стральбу і падтрымліваў агнём стралковыя палкі.

Доўгія гады ўнукі Імама Фарахавіча шукалі свайго героя, і толькі на 76-ым годзе пасля заканчэння Вялікай Айчыннай гэта ўдалося зрабіць. Савет музея «Гісторыя Заронаўскага краю» атрымаў ліст з Татарстана ад самага старэйшага ўнука Фарыта Ганіева — ветерана ракетных войскаў, маёра ў адстаўцы. Ён распавёў, што яшчэ ў 80-я гады праходзіў службу ў Полацку і Паставах, але не змог адшукаць магілу дзеда. У гонар яго памяці чацвёра ўнукаў сталі выдатнымі генерал-лейтэнантамі і афіцэрамі, бо хацелі, як дзед, абараняць сваю Радзіму.

Імам Фарахаў загінуў 28 студзеня 1944 года каля вёскі Іванова, якая знаходзілася ў Віцебскім раёне. Пасля сябе пакінуў двух дачок і дзевяць унукаў. Родныя байца вельмі ўдзячныя ўсім, хто вяртае з небыцця імёны герояў-вызваліцеляў і даглядае мемарыял. «Ніхто не забыты і нішто не забыта» — з такімі словамі едуць да мемарыяльных пліт праўнукі і ўнукі пераможцаў.

Аляксандра Побач



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.