У эфіры VOKA адбудуцца паказы этычнай моды на Belarus Fashion Week

Культура

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская палата моды» пры падтрымцы кампаніі А1 праводзіць паказы этычнай моды ў рамках Belarus Fashion Week. Усе жадаючыя змогуць бясплатна паглядзець іх у эфіры відэасэрвісу VOKA 3 і 4 красавіка.

На Тыдні Моды будзе прадстаўлена пяць калекцый беларускіх дызайнераў, створаных з прыродных матэрыялаў, каб паказаць, як у пошуках рашэнняў для экалагічных праблем сучаснасці мяняецца нават індустрыя моды.

«І спажыўцы, і дызайнеры пачынаюць усведамляць экалагічныя і сацыяльныя наступствы хуткай моды: павелічэнне выкідаў таксічных рэчываў ад тэкстыльных фабрык, забруджванне вады ад вырабу сінтэтычных валокнаў, дэградацыя глебы і выміранне лясоў. Таму так важна прасоўваць этычную і ўстойлівую моду, што мы і робім апошнія некалькі гадоў», – адзначыла заснавальніца Belarus Fashion Week і старшыня РГА «Беларуская палата моды» Яніна Ганчарова.

3 красавіка а 16-й гадзіне гледачы VOKA убачаць новую калекцыю ад дызайнера Паўла Кацэвіча і яго брэнда Key-to-art, створаную з натуральных экалагічных тканін – баваўняных, ваўняных, а таксама выпрацаваных з крапівы ці эўкаліпта. Брэнд Zanka прадставіць калекцыю«Думкi»з натуральнага прадзіва і тканін з дабаўленнем перапрацаваных матэрыялаў. «Еду да таткi» – новыя работы Таццяны Тур, для якіх яна выбрала земляныя адценні і натуральныя тканіны, каб расказаць гісторыю пра ўзаемасувязь чалавека і прыроды, унутраныя сады і цуды штодзённасці. А брэнд «Кастрама» прэзентуе калекцыю «Плынь», створаную як напамін аб тым, што адзенне мусіць быць прыгожым і зручным незалежна ад модных тэндэнцый.

4 красавіка ў 18.30 адбудзецца паказ Тамары Гарыдавец (Віцебск) – заснавальніцы аднайменнага брэнда Harydavets. У новай калекцыі – сукенкі-сарафаны, кафтаны, спадніцы-фартухі з ільну, бавоўны, бамбуку і натуральнага шоўку, натхнёныя прыгажосцю беларускай прыроды.

«Мода з’яўляецца неад’емнай часткай беларускай культуры, а этычная мода дэманструе клопат гэтай індустрыі аб навакольным асяроддзі. Вось чаму А1 як кампанія, якая надае ў сваёй дзейнасці шмат увагі падтрымцы нацыянальнай культуры і экаініцыятыў, выступае партнёрам модных паказаў. Гэта дазволіць нам не толькі прадставіць стыльныя работы беларускіх дызайнераў, але і наглядна паказаць, як можна вырашаць праблему скарачэння вырабу адзення і адказнага выкарыстання прыродных рэсурсаў», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.