Выстава карцін Аляксандро Цішчанкава працуе ў Мазалаўскім СДК Віцебскага раёна

Читатель хочет знать

У Мазалаўскім сельскім доме культуры працуе персанальная выстава карцін мясцовага інсітнага мастака Аляксандро Цішчанкава(на здымку), на якой прадстаўлена больш за дзясятак работ — «Пунсовыя ветразі», «У лесе», «Сям’я», «Вальс кветак»… Наведаць яе можна да сярэдзіны красавіка.

Аляксандро Лучазаравіч нарадзіўся ў 1969 годзе ў Комі АССР, адкуль пасля службы ва Узброеных сілах пераехаў у Ленінград. Працаваў на Кіраўскім кавальскім заводзе і «Адміралцейскіх верфях». У 2012 годзе з Санкт-Пецярбурга пераехаў у Веліж. З 2014 года жыве ў маляўнічым аграгарадку Мазалава.

Імкненне да мастацтва Аляксандро выявіў у сябе з дзяцінства, калі размаляваў дом матулі. У 2012 годзе распісаў фарбамі дом сястры ў Веліжы, яе будынак стаў пераможцам у конкурсе на лепшы дом. Амаль дзесяць гадоў таму назад мастак-самавучка ў пейзажным стылі размаляваў аўтобусны прыпынак у Мазалава.

Аляксандро Лучазаравіч — усебакова адораны чалавек. У Санкт-Пецярбургу спяваў у народным ансамблі «Адміралцейскіх верфяў». У цэнтральным Доме афіцэраў Паўночна-Заходняй ваеннай акругі выконваў рамансы. Быў ён і ўдзельнікам царкоўнага хору Аляксандра-Неўскай лаўры. Здымаўся ў эпізадычных ролях кінастужак «Ленфільма». Нават некаторы час вучыўся на кінарэжысёра. Сёння ён — актыўны ўдзельнік тэатральнага калектыву «Вобраз», што дзейнічае на базе Мазалаўскага СДК. Усур’ёз заняўся жывапісам у 2004 годзе, калі падчас адпачынку на Балтыйскім моры намаляваў першыя дзесяць карцін — «Маланка пачынаецца», «Залатая восень», «Каскад» і іншыя. Сёння ў творчай скарбонцы мастака — больш за 100 работ, карціны знаходзяцца на яго радзіме ў сяле Усць-Ілыч, прыватных калекцыях яго родных у Веліжы, Санкт-Пецярбургу, аэрапорце «Пулкава», Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Аляксандро самастойна вывучыў тэхніку маслянога жывапісу. Ён і пейзажыст, і марыяніст, працуе ў жанрах сімвалізму, абстракцыянізму і імпрэсіянізму. Яго персанальныя выставы адбыва-ліся ў Віцебску, розных кутках Прыдзвіння.

У 2016 годзе Аляксандро Цішчанкаў увайшоў у склад народнага клуба мастакоў-аматараў «Контур» Культурна-гістарычнага комлексу «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна».

Мастак неаднаразова станавіўся ўдзельнікам шматлікіх раённых, абласных і міжнародных мерапрыемстваў — конкурсаў і выстаў. Так, быў удзельнікам VI Нацянальнай выставы інсітнага мастацтва «INSITA», прысвечанай 380-годдзю з дня нараджэння стваральніка Бібліі ў малюнках для народа Васіля Кораня.

Спяшайцеся наведаць выставу, бо асноўная мэта мастака — данесці дабро ва ўсім навакольным свеце, а яго крэда — творчасць ва ўсім.

Андрэй СТРУНЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.