Тэхнічная база музея «Гісторыя Заронаўскага краю» Віцебскага раёна папоўнілася новым камп’ютарам

Культура

Віцебская мытня і Заронаўскі музей сябруюць ужо амаль пяты год, за гэты час цеснае супрацоўніцтва дало свае вынікі. Напярэдадні Дня Перамогі тут прымалі прысягу адзінаццаць маладых мытнікаў, неаднойчы ладзіліся экскурсіі і былі рэалізаваны сумесныя праекты. У юбілейны для беларускай мытні год — а сёлета гэта 30-годдзе — кіраўніцтва Віцебскай мытні падарыла музею камп’ютар. Захавальнік музейных каштоўнасцей Людміла Нікіціна адзначыла,  што пошукавая праца — адзін з галоўных накірункаў дзейнасці савета музея, вынікам гэтага з’яўляецца воінскі мемарыял і міжнародныя Вахты Памяці, што праходзяць на нашай тэрыторыі. Таму гэты падарунак будзе спрыяць больш эфектыўнай працы з архівамі.

Для моладзі Заронава начальнік аддзела ідэалагічнай работы Віцебскай мытні Святлана Кавалеўская распавяла пра сваю адказную прафесію і запрасіла да ўступлення ў мытныя органы. Адзначыла, што на працу прымаюць толькі тых, хто мае вышэйшую адукацыю па адпаведнай спецыяльнасці. Падрыхтоўкай кадраў займаюцца чатыры вышэйшыя навучальныя ўстановы: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Высокі конкурс па спецыяльнасці дае падставу разумець, што навучанне складанае і адказнае, ёсць маж­лівасць паступлення па мэтаваму накіраванню ад свайго раёна. Нягле­дзячы на тое, што праца ў органах складаная і фізічна, і маральна, для дзяўчат тут таксама знойдзецца месца. Кіналагічны аддзел, аператыўна-пошукавая дзейнасць, аддзел па барацьбе з кантрабандай і іншыя — кожны знойдзе сабе спэцыялізацыю па душы. Зараз адкрываюцца новыя пункты пропуску — гэта дадатковыя працоўныя месцы і патрэба ў маладых спецыялістах.

З кожным годам супрацоўніцтва музея і мытні пашыраецца новымі знаёмствамі і сумеснымі здзяйсненнямі.

Аляксандра Побач



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.