У аг. Заронава Віцебскага раёна адсвяткавалі Яблычны Спас

Общество

У комплексным музеі «Гісторыя Заронаўскага краю» народныя традыцыі і звычаі жывуць не толькі ў архівах, да іх далучаюць мясцовых дзетак яшчэ з маленства. Актыўна падтрымліваюць ідэю адраджэння беларускіх абрадавых святаў людзі пажылога ўзросту. Яблычны Спас не стаў выключэннем.

У духмяным яблыневым садзе ля музея ў Заронаве было надзвычай цёпла і ўтульна. Малыя і старыя вяскоўцы з нагоды другога Спаса сабраліся разам, падтрымалі ініцыятыву і госці, якія прыехалі ў вёску на адпачынак. Патрапіў на свята і Сяргей Аляксандраў з Ульянаўска, які прыехаў аддаць даніну памяці свайму дзеду, пахаванаму на Заронаўскім мемарыяле.
Рытмічныя гукі музыкі прымушалі пусціцца ў скокі ад самых веснічак, тым больш, што і надвор’е спрыяла сабрацца за вялікім сталом пад разгалістымі дрэвамі. Нягледзячы на тое, што свята прайшло амаль у сямейным коле, забаўляльную праграму для ўдзельнікаў мерапрыемства падрыхтавалі Заронаўскі дом культуры і бібліятэка. Вольга Іванова — незаменны бібліятэкар, якая ўжо 44 гады шчыруе на кніжнай ніве ў Заронаве, — арганізавала для прысутных выставу пад назвай «Яблычныя кнігі» і прапанавала загадкі самым маленькім удзельнікам. Да цікавых спаборніцтваў на хуткасць і спрыт запрасіла Анастасія Мяшкова — мастацкі кіраўнік дома культуры. Аказалася, што паспрабаваць адкусіць яблычак у вадзе без дапамогі рук — справа зусім нялёгкая, але ўсе засталіся хоць і мокрымі, але шчаслівымі.


Нецярпліва круціліся каля святочнага стала не толькі госці, але і восы: цягнулі, як магнітам, запечаныя яблычкі з мядком. Паспрабаваць прысмакі запрашала захавальнік музейных каштоўнасцей Людміла Нікіціна, яна гасцінна падрыхтавала для ўсіх пірагі з яблыкамі, печыва, кампот. Паспявала і рассказаць павер’і нашых продкаў на 19 жніўня, і каларытныя прымаўкі.
Гаманілі і радасна ўсміхаліся бабулі, для іх сабрацца разам — гэта заўсёды свята. Наперабой дзяліліся навінамі, думкамі і справамі па гародзе, нават песеньку зацягнулі.

— Мы ў маладосці таксама так сядзелі, праз столькі год збіраемся зноў. Добра, што работнікі музея і клуба не даюць нам, старым, сумаваць: ладзяць канцэрты, абрадавыя святы. І маладое пакаленне далучаецца да нашых каранёў, — усміхнулася Валянціна Еўдакімава.

Колькі трэба чалавеку для душэўнай радасці? Сябры, надвор’е і святочны настрой.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.