У вёсцы Мазалава Віцебскага раёна раскрываюць творчыя здольнасці

Культура

«Падарожжа з пэндзлікам па вёсцы» — пад такой назвай у аграгарадку Мазалава адбылося чарговае арт-мерапрыемства для дзяцей, падчас якога арганізатары прапанавалі ўдзель­нікам пазнавальную і цікавую экскурсію па таямнічых мясцінах населенага пункта.

Вандруючы па вёсцы з галоўным героем Пэндзлікам (ролю выканала культарганізатар Мазалаўскага СДК Аксана Дрыгебка), хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі не толькі мазалаў­скія славутасці, але і зрабілі замалёўкі прыгожых краявідаў — пейзажаў, архітэктурных аб’ектаў.

Вынікам дадзенага арт-мерапрыемства стала выстава малюнкаў у сельскай бібліятэцы «Я малюю родны край».

Як паведаміла загадчык Мазалаўскага СДК Вольга Жураўская, такое мерапрыемства было арганізавана ўпершыню з мэтай патрыятычнага выхавання маленькіх жыхароў праз іх спробу дакрануцца да гісторыі і славутасцей роднага краю, раскрыцця творчых здольнасцей.

На наступны год арганізатары ўжо запланавалі пленэр маленькіх мастакоў, які будзе прысвечаны вядомай асобе на Віцебшчыне — дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу ХІХ стагоддзя Ігнату Манькоўскаму.

Андрэй СТРУНЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.