І стварае зусім незвычайныя сувеніры, якіх за час захаплення дадзеным відам мастацтва вырабіла больш за 1000!

Нарадзілася майстрыха ў Віцебску. З маленства займалася творчасцю — малявала, спявала, вышывала, вязала… Пасля школы паступіла ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 19. Так стала вышывальшчыцай. Нельга не ўзгадаць, што Вольга Яўгенаўна мае яшчэ адну творчую спецыяльнасць — рэжысёра народных абрадаў і святаў, якую атрымала ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў.

З дэкупажам упершыню пазнаёмілася ў дзевяностыя гады, калі паспрабавала свае сілы ў дадзеным мастацтве. Тады Вольга Аксёнава зрабіла вялікую вазу для кветак. Падчас працы дырэктарам Буяноўскага сельскага дома культуры вучыла асновам гэтага віда дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўдзельнікаў гуртка. Але ўшчыльную захапілася дадзенай тэхнікай у 2013 годзе, калі па пэўных абставінах працавала ў Маскве. Тут яна стала ўдзельніцай буйнога навучальнага праекта па дэкору і дэкупажу ў Расіі пад назвай «Міжнародны ўніверсітэт дэкупажа», дзе наведвала майстар-класы ад вядучага майстра Алісы Лучынскай. Глядзела шмат майстар-класаў у Інтэрнэце, чытала і натхнялася чужымі працамі, пасля чаго пачала шукаць свой стыль і накірунак. Сёння яна працягвае навучанне праз кансультацыі і наведванне майстар-класаў калег з Расіі — Наталлі Жукавай, Наталлі Бальшаковай, Наталлі Карымавай.
Як расказала Вольга Яўгенаўна, дэкупаж — сапраўды дзіўная тэхніка, якая адкрывае новыя гарызонты не толькі ў творчасці, але і ў жыцці. Задумак хапае на кожны дзень: адны нараджаюцца самі па сабе, для другіх патрэбны падказкі, якія шукае на прыродзе, у асяроддзі, на выставах…

Дарэчы, майстар прымала актыўны ўдзел у выставах у Адзінцова і Маскве. Яе працы знаходзіліся ў салонах-магазінах «Вольга» і «Узгорскі гасцінец» у Віцебску. У Даўжанскай і Кіраўскай сельскіх бібліятэках у мінулым годзе адбыліся персанальныя выставы. Неаднаразова Вольга Аксёнава станавілася ўдзельнікам «Задзвінскага кірмашу» падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Яе вырабы ёсць у прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Украіне. Таксама Вольга Яўгенаўна праводзіць майстар-класы як для дзяцей, так і для дарослых. У яе творчай скрыні — дэкарыраваныя сумачкі, падносы, ёлачныя ўпрыгожванні, посуд, а таксама эксклюзіўныя прадметы інтэр’еру, модныя аксесуары…

Для даведкі. Дэкупаж — тэхніка дэкарыравання розных прадметаў, заснаваная на далучэнні малюнка, карціны або арнаменту (звычайна выразанага) да прадмета і далей пакрыцці атрыманай кампазіцыі лакам дзеля захаванасці, даўгавечнасці і асаблівага візуальнага эфекту.

Андрэй СТРУНЧАНКА
Фота з архіва
Вольгі Аксёнавай