Наўрад хто назаве дакладную дату нараджэння населеных пунктаў, але ў іх гонар ладзяцца святы, на якіх вёскі выступаюць у ролі імянінніц: ім адрасуюць прывітальныя словы, прысвячаюць вершы і песні, запрашаюць на свята знакамітых землякоў.

Распараджэннем старшыні райвыканкама зацверджаны графік правядзення культурных мерапрыемстваў «Дзень вёскі» на кастрычнік.
Так, сёння пад лозунгам «Люблю цябе, мая краіна родная» прымае гасцей аграгарадок Шапечына і са словамі «Ганаруся табою, мая Беларусь» — вёска Ліпаўцы. У жніўні «свой дзень» адзначала Дыманова Шапечынскага сельсавета.
15 кастрычніка адбудзецца свята вёскі Жабенцяі пад назвай «Адкрываючы Прыдзвінскі край», 16 кастрычніка — «Бязмежныя палі малой радзімы» збяруць гасцей у в. Сушчова.
Мерапрыемствы праводзяцца з мэтай прыцягнення жыхароў населеных пунктаў да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці раёна, развіцця новых форм арганізацыі калектыўнага вольнага часу, стварэння ўмоў для паляпшэння выхаваўчай і культурна-масавай работы па фарміраванню ў насельніцтва пачуцця гонару за сваю малую радзіму, свой раён, павагі да яго гісторыі, традыцый, быту і ўкладу жыцця.
Да свята вызначаюцца і абуладкоўваюцца месцы ў цэнтры населенага пункта, дзе будуць праходзіць асноўныя ўрачыстасці, добраўпарадкоўваецца і сама вёска, арганізоўваецца дастаўка гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства.
Аддзелу ўнутраных спраў даручана забеспячэнне аховы правапарадку і бяспекі дарожнага руху. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях павінен забяспечыць кантроль за захаваннем супрацьпажарнай бяспекі падчас свята і правядзенне мерапрыемстваў прафілактычнай накіраванасці ў межах рэспубліканскай акцыі «Моладзь за бяспеку».
Да ўрачыстасці рыхтуюцца як населеныя пункты, так і жыхары — добраўпарадкоўваюць свае падворкі, бо які гаспадар не ладзіцца да сустрэчы гасцей?
Такія мерапрыемствы згуртоўваюць вяскоўцаў, даюць магчымасць узгадаць старонкі гісторыі, сваіх знакамітых землякоў, вядомых продкаў, пазнаёміцца з мясцовымі талентамі, прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, як кажуць: на людзей паглядзець і сябе паказаць.

Ніна ТОНІНА