Ганаровым грамадзянінам Заронаўскага сельсавета Віцебскага раёна з’яўляецца былы дырэктар мясцовага саўгаса Валерый Бермант

Актуально

Гэтымі днямі ён адзначыў 80-гадовы юбілей.

Ён нарадзіўся ў Казахстане, але за столькі дзясяткаў пражытых гадоў Заронава і ўвогуле Віцебскі раён сталі для яго сапраўды радзімай, куточкам, на карысць якога Валерый Рыгоравіч паклаў больш за 60 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці.

Ужо ў канцы 1980-ых вёска магла называцца аграгарадком, бо тут была развіта неабходная для жыцця інфраструктура, квітнеў Дом культуры, створана адна з шасці ў рэспубліцы матабольная каманда «Колас». У гэтым вялікая заслуга Берманта.

Скончыўшы ветэрынарны інстытут з чырвоным дыпломам, ён два гады быў камсамольскім лідарам там жа, а ў 1970 малады спецыяліст накіраваўся ў саўгас «Сялюты». Там разам з калегамі Станіславам Пяшчынскім і Віктарам Хаткевічам распрацавалі ўнікальны для савецкага часу спосаб прыгатавання кармоў з харчовых адходаў, абараняў навуковую работу па гэтай тэме ў Падмаскоўі. Апантанага сваёй справай ветурача запрасілі на працу ў НДІ Нечарназем’я, але пакідаць Беларусь Бермант не захацеў. Пасля кіраўніцтва калгасам імя Калініна ён быў запрошаны ў Заронава.

Нестабільная сітуацыя на комплексе па адкорму буйной рагатай жывёлы не напужала спецыяліста, а толькі падштурхнула да новых здзяйсненняў, узнікла мэта: «Стаць лепшым!». Валерый Рыгоравіч аб’яднаў вакол сябе людзей, якія аддана шчыравалі на роднай зямлі дзеля агульнай карысці, ведалі, што за штурвалам «саўгаснага карабля» надзейны і разумны чалавек. Гаспадарскі падыход да справы адчуваўся ва ўсім: у размеркаванні зямлі пад кармавыя і збожжавыя культуры, адносінах да тэхнікі, якой у саўгасе было 27 адзінак, неабыякавасці да кожнага працаўніка. На адным узроўні ставіўся да брыгадзіраў і цялятніц, выслухоўваў і дапамагаў вырашаць асабістыя жыццёвыя праблемы. Вяскоўцы, якія працавалі пад кіраўніцтвам Валерыя Рыгоравіча, і сёння з павагай і цеплынёй успамінаюць пра той час, калі калектыў саўгаса «Заронава» быў адным моцным механізмам, дзякуючы якому вёска выйшла на высокі эканамічны ўзровень. Пры Берманце на вуліцах быў пакладзены асфальт, людзі атрымлівалі кватэры, насельніцтва абслугоўвалі неабходныя сацыяльныя аб’екты. Нават вядомы ў Віцебскім раёне і далёка за яго межамі музей «Гісторыя Заронаўскага краю» быў створаны па ініцыятыве былога дырэктара Заронаўскай школы Аляксандра Гушчанкі і Валерыя Берманта. Тут захоўваюцца яго навуковыя работы і прадметы сям’і.

Поруч з Валерыем Рыгоравічам усё жыццё ішла жонка Раіса Барысаўна — натхняла і падтрымлівала ў нялёгкай справе. Яна і зараз аберагае яго ў вірлівым карагодзе жыцця. Пераехаўшы разам з мужам у Заронава, працавала ў Доме культуры мастацкім кіраўніком. Берманты вырасцілі двух сыноў — Вадзіма і Віталя, а яны падарылі бацькам шасцёра ўнукаў. Сёння пакаленне Бермантаў працягваецца ў двух праўнуках, і гэта, спадзяюцца яны, не мяжа.
Да шматлікіх віншаванняў з нагоды юбілею далучыліся старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Ярома і старшыня райкама галіновага прафсаюза Таццяна Дзіканава. Яны выказалі падзяку Валерыю Рыгоравічу за шматгадовую добрасумленную працу і вялікі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, уручылі каштоўныя падарункі.

Плённай працай Валерый Рыгоравіч пакінуў свой значны след у летапісе аграгарадка — ён з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Заронаўскага сельсавета. А яго любы «гарадок Заронава» будзе свяціцца на радасць унукам і праўнукам.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.