Майстры Цэнтра рамёстваў Віцебскага раёна Алеся Сарбаш і Анастасія Вінюкова сталі лаўрэатамі міжнароднага конкурсу

Культура

У Культурным цэнтры «Москворечье» (г. Масква) падведзены вынікі II Міжнароднага фестывалю-конкурсу народнай культуры «Русское Диво».

Гэты фестываль аб’ядноўвае майстроў, выканаўцаў, харэаграфічныя і інструментальныя творчыя калектывы не толькі з Расіі, але і з іншых краін СНД, якія дэманструюць традыцыйныя асаблівасці свайго рэгіёна. Ён прайшоў ужо ў трэці раз на дыстанцыйнай аснове. Пачаўшы са статусу «Усерасійскі», у 2021 годзе стаў «Міжнародным».
Майстры Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» Віцебскага раёна і раней прымалі ўдзел у фестывалі-конкурсе «Русское Диво», таму з вялікай радасцю выкарысталі магчымасць і на гэты раз стаць часткай гэтага цікавага мерапрыемства. У выніку майстар па мастацкай кераміцы Алеся Сарбаш стала лаўрэатам I ступені, а майстар па вышыўцы Анастасія Вінюкова — лаўрэатам II ступені ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва».
Для ўдзелу ў конкурсе прымаліся відэаролікі з жывымі выступленнямі, майстар-класы па народных мастацкіх рамёствах, у якіх патрэбна было расказаць гісторыю паходжання промыслу, коратка паказаць методыку стварэння свайго рамеснага вырабу.
Алеся Сарбаш дала майстар-клас па рэканструкцыі традыцыйнай свістулькі «Конік», якая была знойдзена на беразе ракі Вымнянка ў г.п. Янавічы. Менавіта гэты элемент у 2020 годзе ўвайшоў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Анастасія Вінюкова прадэманстравала майстар-клас па вышыўцы суражскага рушніка XIX стагоддзя. Яго галоўным сімвалам з’яўляецца зорка, якая сімвалізуе чалавека. Нездарма ў народзе кажуць, што з нараджэннем чалавека на небе загараецца яго зорка. Майстрыха падабрала цікавую палітру колеру: акрамя традыцыйнага чырвонага, у вышыўцы прысутнічаюць жоўты і сіні.
Маскоўскае журы адзначыла высокі ўзровень майстэрства прадстаўніц Віцебскага раёна і якасць іх вырабаў. Папярэдне майстры Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» запрошаны да ўдзелу ў наступных праектах.

А. Пруднікава
Фота прадстаўлена Цэнтрам рамёстваў «Адраджэнне»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.