Рэцэптамі дранікаў дзеляцца гаспадыні з аг. Мазалава Віцебскага раёна

Общество

Дранікі (драчонікі, дзіруны) — адна з самых вядомых страў беларускай нацыянальнай кухні. Гэта не проста аладкі з бульбы, якія гатуюць і ў іншых краінах, у кожнай нашай гаспадыні свае сакрэты прыгатавання.

Прапаную здзейсніць дранік-квэст у аграгарадок Мазалава і даведацца рэцэпты ад удзельніц народнага жаночага клуба «Залаты ўзрост», якія на шматлікіх мерапрыемствах праводзяць выставы-дэгустацыі страў нацыянальнай кухні, дзе пачэснае месца займаюць бульбяныя шэдэўры.

«Дранікі з тварагом» ад Таццяны Гардзіенка.

Бульбу нацерці на дробную тарку, адціснуць праз сіта ці марлю. Дабавіць крухмал з адціснутага бульбянога соку і тварог любой тлустасці (лепш буйназерневы), прапорцыя бярэцца любая. Абавязкова пакласці пару зубкоў здробненага часнаку і крыху кропу, яйка, соль па смаку. Выпякаць аладкі на алеі з абодвух бакоў.
Прапануе Таццяна Міронаўна і «картоплікі з дзяцінства».
Зварыць бульбу, дробна парэзанае сала пасмажыць з цыбуляй. Бульбу патаўчы і змяшаць са смажанінай — у народзе такую страву называюць «камы». Нацерці на дробную тарку сырую бульбу, у яе дабавіць камы, вясковае яйка, перамяшаць. Цеста выкладваць лыжкай на патэльню з таплёным маслам, салам ці тлушчам – каму як падабаецца. Смажацца аладкі з абодвух бакоў, падаюцца са смятанай.

«Бульбяначка» ад Алы Антаненка.

Традыцыя вырабу лялькі з рознакаляровых дранікаў дасталася ёй ад бабулі А. Ф. Нікіфаравай з в. Сакольнікі. На сямейных святах Бульбяначка займае цэнтральнае месца сярод іншых страў.
Для асновы лялькі выкарыстоўваецца драўляны брусочак, каб яна трывала стаяла. Для прыгажосці гаспадыня выпякае разнастайныя па форме і колеру бульбяныя аладкі і бліны. Цеста дзеліцца на часткі, у кожную дабаўляюцца свае інгрэдыенты: сыры нацёрты на сярэднюю тарку бурачок, моркаўка, дробна парэзаны кроп і сок шпінату, прыправа куркума. З прыгатаваных каляровых бліноў збіраецца лялька.

«Дранка» ад Тамары Бычковай.

Нацерці на дробнай тарцы бульбу, дабавіць тры сталовыя лыжкі мукі, два яйкі, соль па смаку, дабавіць цыбулю (каб бульба не цямнела,
нацерці яе на бурачнай тарцы). Затым падсмажыць дробненька парэзанае сальца і цыбулю. На смажаніну выкласці бульбяное цеста і выпякаць на патэльні з двух бакоў пад накрыўкай да залацістай скарынкі. Дранка нагадвае адзін тоўсты блін. Ён рэжацца на кавалачкі і падаецца са смятанай, малаком ці смажаным яйкам — каму як падабаецца.

Запісаў Андрэй СТРУНЧАНКА
Фота прадстаўлена Мазалаўскім СДК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.