Калядныя вячоркі прайшлі ў аг. Заронава Віцебскага раёна

Культура

Жадаючых вучылі традыцыйным песням, варажбе на лёс і частавалі прысмакамі.

У комплексным музеі «Гісторыя Заронаўскага краю» традыцыі і звычаі жывуць не толькі ў архівах, народныя абрадавыя святы тут ладзяцца рэгулярна і з’яўляюцца асновай для патрыятычнага выхавання юных экскурсаводаў. Каляды выклікаюць непадробны інтарэс не толькі ў дзяцей, але і ў мясцовых жыхароў. Казу, мядзведзя, лекара, цыганку і бабу з дзедам ахвотна чакаюць у кожнай хаце і нездарма, бо абрадавыя героi са шчырым сэрцам жадаюць дабрабыту і шчасця гаспадарам, ствараюць святочны настрой.
У гэтым годзе калядныя вячоркі ладзілі ў клубе. Захавальнік музейных каштоўнасцей Людміла Нікіціна разам дырэктарам установы культуры Людмілай Аляксеевай і мастацкім кіраўніком Анастасіяй Мяшковай паказалі тэатральную замалёўку. Усе разам спявалі старыя песні, варажылі. Юныя экскурсаводы з цікавасцю цягалі сена з-пад абруса: прадугадвалі, якім будзе наступны год.
Не абыйшлося ў гэты вечар без гісторыі свята. Дарэчы, напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям’я мылася, а пасля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе з’яўлялася першая зорка. Пад абрус на святочны стол абавязкова падкладалі сена, што асэнсоўвалася як напамін аб тым, што Ісус адразу пасля нараджэння быў пакладзены на сена ў яслях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставілі ў рэшаце на покуць дзеля павышэння ўрадлівасці. Гаспадар запрашаў за святочны стол Дзядоў, чыя прысутнасць была гарантам жыццёвай стабільнасці ўсяго роду. Святочная вячэра складалася з 12 страў. На першую куццю імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты з-за прыкметы, што жывёла сыдзе са двара і прападзе. Менавіта куцця і сімвалізуе калектыўную долю (дабрабыт, шчасце), і таму пакаштаваць яе мусіў кожны.
Галоўныя героі Калядаў каза і мядзведзь, якія ведаюць розныя навукі, паказвалі цікавыя штукі. Жадалі «каб было і ў каморы, і ў аборы; збожжа поўныя клеці і павагу ў свеце; жыць і не хварэць, дабрэць, не старэць, разумнець». Дарослыя вучылі дзяцей назіраць за надвор’ем у святочны вечар: лічылася, што калі на небе шмат зорак — летам будзе шмат грыбоў, а снег на Каляды азначаў, што будуць раіцца пчолы.
Прыемным заканчэннем вечара сталі салодкiя прысмакі і ўзнёслыя эмоцыі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.