О редакции

y7uuACZevrwБольш за 80 год існавання выйшла каля 10 тысяч нумароў Віцебскай раённай газеты. У кожным — дзясяткі артыкулаў, а колькі радкоў! І ва ўсіх — летапіс жыцця Прыдзвінскага краю.

З ім цесна пераплецена біяграфія афіцыйнага раённага друкаванага сродку. Пад павевамі часу мяняліся назва газеты, пакаленні журналістаў, тэхналогія друку, але заўсёды “раёнка” была вернай свайму асноўнаму прызначэнню — быць у гушчы падзей, аб’ектыўна адлюстроўваць рэчаіснасць, пісаць пра людзей і для людзей.

Адлік свайго “ўзросту” газета вядзе з 11 ліпеня 1938 года. У Пастанове бюро РК КП(б)Б ад 21.08.1937 года гаварылася: “У сувязі з тым, што гарадская газета “Витебский пролетарий”  не можа забяспечыць абслугоўванне раёна і не звязана з РК КП(б)Б і што стварэнне раённай газеты вельмі неабходна, просім бюро ЦК КП(б)Б зацвердзіць для Віцебскага сельскага райкома КП(б)Б раённую газету”. Планаваўся выхад 10 нумароў у месяц.

Амаль год спатрэбіўся на вырашэнне арганізацыйных пытанняў. Першым рэдактарам “Калгаснай трыбуны” — так назвалі газету — быў зацверджаны Ігольнікаў, які да гэтага працаваў інструктарам райкома партыі. Адзіны экземпляр першага нумара змяшчаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.

Нават у гады вайны знаходзіліся шляхі данесці да жыхароў раёна праўду пра становішча на франтах. Вядома некалькі нумароў раённай газеты “За Родину”, а ў верасні-лістападзе 1943-га “раёнка” выходзіла пад назвай “Колхозная правда”. У пасляваенны час выданне шырока асвятляла аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі.

У 1962 годзе раённая газета змяніла назву. Тройчы на тыдзень у дамы вяскоўцаў стала прыходзіць “Ленінская праўда”. Дзесяць год яе падпісваў да друку на пасадзе галоўнага рэдактара Васіль Пурыжонак, а затым 20 год, больш за ўсіх іншых, — Яўген Трыгорлаў. З сярэдзіны 90-ых газету з новай назвай Жыццё Прыдзвіння узначаліў Мікалай Кахно. У 2010 годзе яго змяніла на гэтай пасадзе Ніна Стялярэнка. Пасля яе каля чатырох год на чале выдання стаяла Таццяна Дзіканава.

З’яўляючыся люстэркам  грамадска-палітычнага жыцця, газета заўсёды знаходзілася на быстрыні падзей.

У сённяшняга калектыва рэдакцыі, які ўзначальвае Алена Чаплева, багатая інфармацыйная спадчына, назапашаная за 80-гадовы шлях. На моцных каранях грунтуюцца традыцыі, якія перадаюцца праз пакаленні. І не толькі перадаюцца, але і развіваюцца, абапіраючыся на напрацаваны вопыт, узбагачаюцца рэаліямі жыцця.

Кожная адметная дата ў інфармацыйнай прасторы — падстава для таго, каб азірнуцца назад, прааналізаваць набытае і рушыць далей, у віхуры падзей, бо толькі ў ёй газета чэрпае тэмы, знаходзіць герояў публікацый.

Ва ўзаемным супрацоўніцтве з чытачамі мы шукаем цікавыя тэмы, асвятляем праблемныя моманты рэчаіснасці, знаходзім герояў публікацый.

Калектыў рэдакцыі імкнецца зрабіць газету кампетэнтным і ўплывовым суразмоўцам для ўсіх катэгорый насельніцтва: кіраўніка і прадпрымальніка, сельскага працаўніка і шматдзетнай маці, пенсіянера і школьніка. І надалей мы будзем асвятляць падзеі Прыдзвінскага краю, славіць чалавека працы. Спадзяёмся ў сваёй чытацкай аўдыторыі, якую газета згуртоўвае ў вялікую сям’ю, заўсёды знаходзіць падтрымку і ўзаемаразуменне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.